Государственное учреждение образования
"Малоавтюковская средняя школа"
Сярод жыхароў гэтых населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна жыве паданне аб тым, што Вялікія і Малыя Аўцюкі набылі свае імя ў часы аддзялення ад рускай праваслаўнай царквы часткі веруючых, якія не прызнавалі царкоўных рэформаў патрыярха Нікана, што праводзіліся з 1654 года. У той час вялікая колькасць уцекачоў быццам бы асела ў мясцінах дзе цяпер размешчаны нагаданыя вёскі. Гэтых людзей так і назвалі па колькасці пасяліўшыхся – вялікія і малыя ўцёкі. Ад слова ўцёкі, згодна з паданнем, і пайшла назва вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі. Аднак гісторыя Аўцюкоў пачынаецца задоўга да сярэдзіны XVII ст., калі адбываліся падзеі звязаныя з расколам царквы. Найбольш ранняя з вядомых сёння звестак пра Аўцюкі (першым з’яўляецца населены пункт Вялікія Аўцюкі, Малыя ж Аўцюкі ўзніклі як выселак з асноўнай вёскі) датуецца 1552 годам, калі быў складзены адзін з вопісаў Мазырскага замка. У вопісе ішла гаворка аб прыпісцы да яго (замка) навакольных вёсак і аб павіннасці іх жыхароў. Такім чынам, вытокі назвы, якая нас цікавіць, трэба звязваць зусім не з уцекачамі з-за межаў Русі – Масковіі, прыхільнікамі старой веры. У тых мясцінах дзе адбываліся гэтыя падзеі насельніцтва захавала стараабрадства і сёння жыве па дарэформенных законах. Гэта значыць – моляцца двума пярстамі, мужчыны носяць бараду, не п’юць гарэлку, не кураць. У іх існуюць стараабрадчаскія цэрквы, селяцца асобна ад астатняй грамады. Прыклад – Веткаўскі раён. І тым не менш у пераказаным паданні у завуаліраванай форме паведамляецца на наш погляд пра рэальныя падзеі, у прыватнасці пра перасяленне, вынікам якога і стала ўзнікненне Аўцюкоў. На чым грунтуецца гэта меркаванне? Вядомы этнограф І. А. Сербаў у кнізе “Паездкі па Палессю”(1911-1912 гг.) “Вільна 1944 г. с. 51“ пісаў пра насельнікаў Аўцюкоў наступнае – “Аўцюк – перш за ўсе жыхар поўдня, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скарагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам зусім адвольна скарачаючы словы… Акрамя таго у гаворцы аўцюкоў добра захаваліся формы і звароты рускай прамовы…”. Антрапалагічна, галоўным чынам характарыстыка аўцюкоўцаў дазваляе меркаваць, што уцекачамі з падання маглі быць перасяленцы з поўдня з тэрыторыі Маларасіі–Украіны. Перасяленне гэта адбылося не ў 1552 годзе, а раней, бо ў інвентарным вопісе згадваецца вёска якая ўжо склалася. Насельніцтва вёскі складалася з 22 душ мужчынскага полу людзей "айтючіцкіх". Літара “Й” у дадзеным выразе відаць перадавала гук “Ў” для якога у кірыліцкай (рускай) графіцы не было асобнай літары, ці сведчыла аб нейкай асаблівасці мясцовага вымаўлення геаграфічнага імя.
Першай формай назвы Аўцюкі з’яўляецца форма Аўцюцэвічы, якая згадваецца ў кнізе І. А . Сербава. Аб гэтай жа першаснай форме назвы вёскі ўскосна сведчыць і прыметнік “айцючыцкіе” з вопісу Мазырскага замку 1552 года. У аснове назвы Аўцюцэвічы ляжыць калектыўная мянушка якая датычылася ўсіх першых жыхароў – заснавальнікаў вёскі. Аўцюцэвічы – гэта патомкі ці падданыя нейкага Аўсюты. У сваю чаргу Аўсюта, Аўцюта гэта мянушка “вулічнае прозвішча” чалавека, якое ўтварылася ў выніку скарачэння афіцыйнага асабовага імя Яўціхій ці Яўсей. Скарочаная форма назвы вёскі Аўцюцэвічы паступова замацавалася ўжо ў сярэдзіне XVI ст., аб чым сведчыць запіс “сяло Айтючи” усе у гэтым жа вопісе Мазырскага замка. Форма “Айтючи” з’яўляецца прамежкавай паміж формамі Аўцюцэвічы і Аўцюкі. Між іншым існуюць яшчэ дзве легенды.
Легенда першая.
Гэта было ў час мангола-татарскага іга. Вёска ў той час размяшчалася ва ўрочышчы “Селішчы”. Мангола-татары вёску спалілі, а жыхарам удалося збегчы. Частка жыхароў (меншасць) пераправілася праз брод, які быў побач з вёскай за лесам. Частка жыхароў (большасць) пайшла на поўдзень і схавалася ў непраходным лесе. На гэтым месцы і ўтварылася новае пасяленне. Ад слова ўцёк і далі назвы вёскам: Вялікія Аўцюкі (значыць большасць людзей ўцяклі) і Малыя Аўцюкі - меншая колькасць людзей уцякла ад ворага за брод, таму іх зараз называюць “Забродцы”.
Легенда другая.
Гэта было даўно, яшчэ ў час татара-мангольскага набега. Людзі ўцяклі і хаваліся ў лесе ад ворага. Жылі тады два браты, як і ўсе , яны схаваліся ў лесе, потым старэйшы брат пайшоў на поўдзень ад вёскі, якая тады называлася “Селішчы”. Малодшы брат уцёк за рэчку пад назвай Закаванка. Так у далейшым і ўтварылася два паселішчы. Ад слова (уцёк) жыхары і назвалі свае вёскі. Вялікі брат уцёк – Вялікія Аўцюкі, малодшы брат – Малыя Аўцюкі.