Государственное учреждение образования
"Малоавтюковская средняя школа"

Вёска размешчана на 52о 10' паралелі і 29о 30' мерыдыяне. Знаходзіцца на рацэ “Закаванка”, 13 кіламетраў на ўсход ад Калінкавіч.

Бліжэйшы населены пункт – вёска Аляксандраўка, якая пачынаецца адразу па вуліцы Першамайскай.  За 6 кіламетраў на захад ад вёскі знаходзіцца вёска Сырод, якая з’яўляецца цэнтрам гаспадаркі “Дружба –Аўцюкі”. На поўдзень у дзесяці кіламетрах знаходзіцца вёска Вялікія Аўцюкі. На ўсход па шашы на Гомель у 17 км. ад Аўцюкоў знаходзіцца вёска Глінная Слабада, Рэчыцкага раёна. Галоўная вуліца Савецкая, прасціраецца з поўдня ад Гомельскай шашы на поўнач у напрамку да возера (БАМ). Працягласць галоўнай вуліцы 3 км. Паралельна галоўнай вуліцы працякае рака Закаванка (Гулевіцкі канал), левы прыток Прыпяці даўжынёй 42 км. Закаванка пачынаецца за 2 км ад вёскі Лозкі, а вусце за 3 км на паўднёвы захад ад вёскі Лубня, Мазырскага раёна. Даліна невыразная, пойма асушаная. Рэчышча шырынёй 3-6 м, у нізоўі да 10 м. Рэчка вясной не разліваецца і не прыводзіць да павадкаў.

Кліматычныя ўмовы адпавядаюць умовам паўднёва-усходняй Беларусі. Гэта значыць летам у ліпені-жніўні тэмпература паветра можа дасягаць да 35оС, а зімой тэмпература можа паніжацца да мінус 35 оС. Але з глабальным пацяпленнем зімы становяцца больш цёплымі і бязснежнымі. Пануючыя вятры – заходнія, прыносяць дажджы і снег.

Глебы дзярновападзолістыя і пясчаныя.  Балоцістыя мясціны былі асушаны пад час меліярацыі. 

Багата лясоў, якія ў асноўным змешаныя. У лясах пераважаюць пароды дрэў: бяроза, вольха, дуб, граб, ясень, хвоя. Лясы багаты ягаднікамі – чарніцы, маліны, ажыны, а таксама грыбамі – лісянкамі, баравікамі, падасінавікамі, падбярозавікамі, масленікамі, сыраежкамі, зялёнкамі і многімі іншымі. Усе гэтыя дары лесу могуць быць небяспечнымі з-за павышанай радыеактыўнасці, іх патрэбна правяраць у лабараторыі. У сезон нарыхтоўкі ягад і грыбоў насельніцтва нарыхтоўвае іх на свае патрэбы, а таксама на продаж. У лесе растуць: дзікая яблыня, дзікая груша, каліна, рабіна, арэшнік (ляшчына) плады якіх валодаюць лекавымі ўласцівасцямі. Аснову жывёльнага свету складаюць: лось, казуля, дзік, заяц-русак, дзяцел, салавей, жаваранак, перапёлка і інш. У вёсцы небагата пладовых садоў. Быў калісьці вялікі калгасны сад, які ўжо адзічаў і па загаду былога дырэктара саўгаса “Галявічы” Есьмана Уладзіміра Аляксандравіча быў выкарчаваны. У апошнія гады людзі сталі вырошчваць вінаград. Насельніцтва спрабуе культываваць экзатычныя для нашай мясцовасці пладовыя культуры – шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абляпіху, чарнаплодную рабіну, алычу, персікі. У сувязі з тым, што ідзе пацяпленне клімату гэтыя культуры прыжываюцца і пладаносяць у нашай мясцовасці.

Калісьці вёска была акружана балотамі. У 60-я гады ХХ ст. была праведзена меліярацыя з мэтай асушэння зямель. Гэта дало прыбаўку акультураным землям. Так з’явіліся урочышчы, Паплавы і Корамка і г.д. У канцы 50-х гадоў у вёсцы была праведзена электрычнасць і радыё. У сярэдзіне 60-х гадоў па галоўнай вуліцы была праложана шаша, гэта зрабіла жыццё вяскоўцаў больш камфортным. У 80-х гадах быў пракладзены вадапровад.

Copyright © 2012 Malye Avtuki School 

Бесплатный конструктор сайтовuCoz